Кніга пра час, які лепш бы нас абмінуў: «Час пустазелля» Ганны Янкуты


Episode Artwork
1.0x
0% played 00:00 00:00
Dec 31 2023 53 mins   1 0 1
Пра што Ганна Янкута напісала кнігу «Час пустазелля», так адразу і не скажаш. Дакладней, цяжка вызначыць, чаго там няма. Бо ёсць і развагі пра беларускую мову - як з ёй жывецца ў розных частках гэтага свету. І пра геалагічны музей - чытаючы пра яго, пачуваешся трохі выкапнем для сваіх далёкіх нашчадкаў. Ёсць там Варшава і дом ля турмы, ёсць Мінск і палісаднік з бабулінымі кветкамі. І, канечне, (нарэшце!) ёсць у кнізе Ганны Янкута месца для Гродна, для нашай любімай Гароднечкі. Пра ўсё гэта і пра многае іншае Ірына і Антон пагаварылі ў 10-м, заключным выпуску літаратурнага сезона падкаста “Гаворыць Гродна”.

Гэта кніжка пра час, які лепш бы нас абмінуў, пра перыяд гісторыі, з якім бы хацелася разыйсціся. Пра час, які няўмольна і бескампрамісна выбраў менавіта нас. “Я б хацеў прачытаць гэту кнігу гадоў так праз 25”, - адзначае Антон. Ну так, тады ўсё будзе ясна, зразумела і проста. Але каб прачытаць пра сённяшнія падзеі праз 25 гадоў, нехта мусіў сёння пра іх напісаць. І гэта зрабіла Ганна Янкута.

У яе тэкстах так шмат пазнавальнага, што часам падаецца, што глядзіш у люстэрка, а не ў кнігу. “У мяне таксама было”. “І пра гэта я ўвесь час думаю”. “Цябе таксама не адпускае? І мяне...”

Побач з назіраннямі - таямніцы пісьменніцкай кухні. Цікава чытаць, як Ганна піша паўсюль - у нататках тэлефона на пустой плошчы ў цені паспамента помніка Леніну, ці на бягу, на папяровым чэку з супермаркета. Фіксуе водбліскі штодзённасці на абрыўках часу.

Што да назвы, то Ірына і Антон прыйшлі да высновы - аўтарка зусім не легкаважыць з “пустазелля”. Бо “пустазелле” ў тэксце - гэта гіацынты з бабулінага палісадніка, тое, што звязвае з пакаленнямі продкаў, што нагадвае пра дом, што няўмольна прарастае праз трагічнасць, будзёнасць ці радасць. Бо насенне з пустазелля - гэта ежа для птушак, а перагніўшыя за зіму сцябліны - угнаенне для новых кветак.

А яшчэ “Час пустазелля” пра тое, што дом - гэта скарб. А калі дом у Гродне, то абавязкова і пра сапраўдныя ці ўяўныя скарбы нашага гістарычнага горада. Дзе шукаць гэтыя скарбы? Шлях да іх напісаны на старых камянях, на мапах пад стрэхамі даўніх камяніц, а таксама на старонках кнігі пра наш час, “Час пустазелля”.


Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста, ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні.

Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» - https://t.me/tetiaIra

Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!